Чалавек праз прызму семантычных дыялектызмаў у гаворках Віцебшчыны

Основное содержимое статей

А.С. Дзядова
Т.А. Васільева

Аннотация

У народных гаворках паўночнай часткі Беларусі адну з самых вялікіх груп дыялектнай лексікі ўтвараюць семантычныя дыялектызмы. Мэта артыкула – выяўленне шляхам комплекснага аналізу спецыфікі значэння і функцыянавання семантычных дыялектызмаў, звязаных з характарыстыкай чалавека ў розных адносінах, у гаворках Віцебшчыны.


Матэрыял і метады. Даследаванне праведзена на матэрыяле “Рэгіянальнага слоўніка Віцебшчыны” (ч. 1, 2). Аб’ектам даследавання выступаюць семантычныя дыялектызмы, у значэнні якіх рэпрэзентуюцца розныя віды дзейнасці чалавека, яго фізічны і псіхічны стан, асаблівасці паводзін і ўзаемаадносін з іншымі людзьмі. Асноўныя метады – апісальны, супастаўляльны і метад кампанентнага аналізу.


Вынікі і іх абмеркаванне. Семантычныя дыялектызмы даследаваны ў межах наступных тэматычных груп: 1) назвы працоўнай дзейнасці і гаспадарчых заняткаў чалавека; 2) назвы, якія характарызуюць паводзіны чалавека, яго фізічны і псіхічны стан; 3) назвы фізічных дзеянняў чалавека; 4) назвы асоб; 5) назвы частак цела чалавека. Многія прааналізаваныя лексічныя адзінкі маюць матываванае значэнне і ўтвораны шляхам метафарызацыі, а гэта значыць, што ў іх семантычнай структуры дамінуюць вобразна-ацэначныя кампаненты. У семантыцы некаторых слоў прысутнічае канататыўны кампанент значэння, які выяўляе, як правіла, адмоўныя, негатыўныя адносіны суб’екта да іншай асобы.


Заключэнне. Даследаваныя семантычныя дыялектызмы ў гаворках Віцебшчыны ўяўляюць сабой дастаткова цікавы і арыгінальны лексічны матэрыял, які знаѐміць з асаблівасцямі жыцця, працоўнай і гаспадарчай дзейнасці беларускага народа, выяўляе адметнасці яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, пэўныя асаблівасці характару і ўнутранага свету, эстэтычныя погляды і маральныя прынцыпы.

Статья, подробнее

Раздел
Филология